Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

А ці былі яны – размовы...

Яшчэ не ацэнена

А ці былі яны – размовы,
І цуд з табою побач быць,
І тыя позіркі і словы,
Што могуць сэрца растапіць,

І напаіць душу пяшчотай,
І цяплынёй сваёй сагрэць?
Як спадзявалася я, што ты
Ўва мне патрэбу будзеш мець!

Ды раптам знішчыла расстанне
Пустыя мары. Вось і ўсё!
О, безнадзейнае каханне –
Бы кандалы на ўсё жыццё!

Ты нават і не развітаўся.
Пайшоў – і сонца патушыў.
І мне хваробаю застаўся
Вялікі смутак на душы.

Як мне змірыцца з горкім лёсам?
Хачу забыць тваё імя!
Мальбой узрушваю нябёсы,
А ратавання ўсё няма.

З’ядаюць дні мае і ночы
Боль успамінаў, неспакой:
Усюды мрояцца мне вочы
І незабыўны голас твой.

Ці пакаранне мне – разлука?
Паўсюдна бачу мілы твар.
І не спыныць мне тыя мукі,
І не заліць слязьмі пажар.

Губляю розум ад самоты –
Бо не сустрэць, бо не спаткаць.
Адно ўцяшэнне адзіноты –
Здаля нястомна бласлаўляць.

2008