Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Цягнік

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ідзе цягнік праз Беларусь
І я у цягніку тым еду,
З сабой ці з кім - не разбярусь
Вяду бясконцую бяседу

Нашто мы едзем, і куды,
І хто сядзіць у лакаматыве,
Мінаюць вёрсты і гады
Ў маім лунаючы матыве
. . . . . . . . .
За ноччу-ноч, і дзень за днём
Бягуць гісторыі падзеі,
Я бачу Полацк за вакном
А ў ім Ўсяслава Чарадзея

Як ён бароніць родны край
І варагам не паддаецца,
І як душа яго у рай
Ляціць і сонейку смяецца

Вось Вітаўт з рыцарскай душой
Канём цягнік наш даганяе
У тых краях, скуль я прыйшоў
Пагоняй гэта называюць

Скарыну бачу я за тым
Як ён друкуе кнігу першым
Прайшлі стагоддзі і гады,
А ён жывым стаіць у вершы

І ўсіх астатніх землякоў,
Аднолькава - прастых і слынных
Я сустракаў сярод шляхоў
Пад вандраванняў час няспынных
. . . . . . . . . . . . . .
Зямля мая! Любоў мая!
На долю ты не наракала,
І доўга-доўга у баях
Сваю свабоду зберагала

З даўна-давён сярод палёў
Тваіх было так дыхаць вольна,
Але навала маскалёў
На нас насунулась няўмольна

І пачалося ўсё тады,
Усё, што нават сёння маем
Нямала збегла ўжо вады
А што з таго мы ўспамінаем?
. . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось Багушэвіч нам крычыць:
Не пакідайце ж роднай мовы!
Усіх вас трэба навучыць
Не спасылацца на умовы

Умовы - тыя ж, што былі
На іх ня варта спасылацца,
Каб мець нашчадкаў на зямлі
За мову трэба вам трымацца
. . . . . . . . . . . .
Цягнік ляціць, цягнік рыпіць
Цягнік ягоны голас глушыць,
А ён у вачах маіх стаіць,
А ён гаворыць у мае вушы
. . . . . . . . . . . . . .
Я чую - кажа нам Кастусь
У сялянскай світцы шэраватай
Ня гнісь, народ, як я ня гнусь
Перад шыбеніцай праклятай

Ня гнісь. Адчуй, што волат ты
Што на пясок раздушыць камень,
І зграю рознай свалаты
Адкінь магутнымі рукамі

І cам Купала тут сказаў:
Ну што ж вы, людцы дарагія,
Я вас людзьмі хацеў назваць
Каб без надзеі не загінуць
. . . . . . . . . . . . .
Усіх не ў сілах узгадаць
Каго пабачыў з цягніка я
І слова кожнаму з іх даць
Мне проста часу не хапае
. . . . . . . . . . . . . .

Ізноў пашлі мільгаць у вакне
Да болю мілыя прыпынкі
Бярозы ў роднай старане,
Вясельлі, провады, дажынкі

Палі, азёры, курганы
Каровы, козы, гусі, свінні
Лясы і кветак дываны
З рамонкаў і валошак сініх
. . . . . . . . . . . . .
Так, ты квітнела да пары
І як ўспомню - засмучуся
Якое зло правадыры
Зрабілі роднай Беларусі

І вось я бачу, як у рад
Пачвары змрочныя паўсталі
І памылюся я наўрад
Найгоршы з іх - таварыш Сталін

Не, не забыць нам Курапат,
І не забыць ахвяр няшчасных
І што было у нас зашмат
Сваіх таварышаў уласных
. . . . . . . . . . . . . . .

Ішоў цягнік праз Беларусь
На ўсе кірункі ён імчаўся
Не, я ніколі не згаджусь
Каб ён ў чужых руках застаўся

Я марыў, каб стаў нашым ён
На рукі палажыўшы голаў,
А кожны думаў пра сваё
Пад перастук вагонных колаў

Ідзе цягнік праз Беларусь
Яму назад не павярнуцца,
І да стоп-крану не вазьмусь
Я сам ніколі дакрануцца

Далей я ехаць не баюсь
Куды б яшчэ цягнік ня рушыў,
Я у вагоне застанусь
Бо ў ім яшчэ ёсць беларусы
. . . . . . . . . . . . . .
Ішоў цягнік, а я не спаў
Haступны будзе дзе прыпынак?
Я да вакна ілбом прыпаў
Мо гэта будзе вольны рынак ?

Заможнасць будзе і давер
З суседзямі спакой і згода
І мы пачнём расці уверх
І дзень за днём, і год за годам

Амаль што бачыў гэта я
І ў цемру болей углядаўся
Дзе ў чыстым полі слуп стаяў
А на слупу ліхтар гайдаўся

І ён адкідываў святло
На хаты, крытыя саломай,
І душу мне тугой звяло
І страшна стала мне самому
. . . . . . . . . . . . . . .
Няўжо ня будзе выйсця нам
З нястач, нядолі і сумненняў?
Няўжо ні хлопам, ні панам
Не дасць Гасподзь паразумнення?

Каго, каго мы абярэм
І дзе мы знойдзем машыніста,
Каб за усіх душой хварэў
І вёз нас ў край святы і чысты?
. . . . . . . . . . . . . . . .
Каб кожны з нас падумаў сам
Ці жыць мы можам па-другому,
Я гэту казку расказаў
Майму народу дарагому



Супер

Супер

Выдатна

Выдатна

Выдатная паэма

Выдатная паэма