Ты напішы мне ліст па-беларуску
Я буду кожны дзень яго чытаць
З шырокай брамы выйду я да вузкай
Па-беларуску з Богам размаўляць
Ты прачытай мне верш на роднай мове
Яго ў сваёй душы я зберагу
Ён прарасце пралескаю у рове
Вясной на цёплым сонячным баку
Ты заспявай мне песню, што спявала
Бабуля нам, зусім яшчэ малым
Тады нам слухаць часу не хапала
Ну а цяпер – ў душы адзін палын
Ты размаўляй са мной, як размаўлялі
Калісьці нашы слаўныя дзяды
Каб яны нас здалёку бласлаўлялі
Каб мы жылі у свеце заўсягды
Ты напішы мне ліст па - беларуску
З глыбокай, сівай, слаўнай даўніны
З шырокай брамы выйду я да вузкай
і зазваню што сілы у званы