Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ты пахнеш Лунінцам

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Ты пахнеш Лунінцам,
трускалкавым дываном...
Вось-вось зачырванелася першая ягада,
і трэба яе неяк дастаць,
пакуль ня бачыць бабуля,
бо нават маленькую ножку
няма куды паставіць,
каб не расьціснуць зялёныя...
Але што мне астатнія, калі ёсьць ты,
бо ты пахнеш Лунінцам,
трускалкавым дываном...
А-ёй! Увесь дыван чырвоны,
перапоўнены стомай ад сонца,
і я стамлёная
ад напаўненьня кошыкаў сьпеласьцю,
і ўжо няма той жарсьці,
калі дакранаешся вуснамі
да трускалак, цябе,
які пахне Лунінцам,
трускалкавым дываном...
Божухна! І гэта ўсё трэба праполваць,
зьнікаць у траве будзённасьці
і толькі згадваць ягадны рай
і паціху забываць –
ты пахнеш Лунінцам,
трускалкавым дываном...
Сны, сны, сны, час вясны,
кветкі, якія ня дорыш мне,
бо ведаеш – не даравала б
сарваны вэлюм трускалкі...
Але раптам ты просіш заплюшчыць вочы,
і да вуснаў маіх
дакранаецца нечаканая слодыч,
і я зноўку ўпэўненая –
той, каго я кахаю,
пахне тым, што я люблю...
Ты пахнеш Лунінцам,
трускалкавым дываном...