Шчэ да вечара доўга — далёка,
Шустры конік збівае расу.
Абсалютна спакойна і лёгка
Я зялёную ношку нясу.
Водар лесу ці вецер гаркавы
Развярэдзіць шчымлівы ўспамін.
...Ёсць у ношцы балючыя травы,
Ну, напрыклад, дурман і палын.
Адпачну ля глухой пераправы,
Покуль з громам спрачаецца дождж.
...Ёсць у ношцы вясёлыя травы,
Як дапраўды — крапіўка і хвошч.
Гэй, няма толькі зеллечка злога, —
На яго небагаты мой край.
...Скуль іду я, куды мне дарога —
У чабору, радзімы спытай.