Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Вашыя сябры тут!

Апошнiя водгукi

Участник конкурса «Интернет-премия» ТИБО-2010

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Наш банэр

vershy.ru - Вершы беларускiх паэтаў

Код банэра

Лічыльнікі

Яўгенія Янішчыц

janishchyc.jpg

Нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1971) працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ, з 1976 года літкансультантам «Сельской газеты». У 1981 як член дэлегацыі БССР удзельнічала ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1983-1988 гг. працавала ў часопісе «Маладосць», з'яўлялася загадчыкам аддзела паэзіі.

З першымі вершамі выступіла ў друку ў 1964 годзе (часопіс «Бярозка»). У 1970 годзе выйшаў у свет зборнік вершаў «Снежныя грамніцы», які заявіў пра самабытны талент. Аўтар кніг лірыкі «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), «У шуме жытняга святла» (вершы і паэмы, 1988).

У 1978 годзе за зборнік «Дзень вечаровы» ўдастоена ганаровага звання лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, а за зборнік вершаў «Пара любові і жалю» (1986) паэтэсе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.



Сярэдняя: 4.4 (72 галасоў)

Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песьняй, што расчуліла да сьлёз
Я прыму цябе па-беларуску.

Краю бесславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку -
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што сьвет даўно ня вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын -
Гавары са мной па-беларуску!

Час - вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мысьлю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зарасьлі?
Памаўчы са мной па-беларуску.



Сярэдняя: 4.3 (56 галасоў)

Маўчаць невыносныя сцены.
Далёка за поўнач не сплю.
Твой голас з магічным акцэнтам
Скрозь горкую ростань лаўлю.

Лятунак, сяйво, даварога
Ці выраю спознены клін?
Дык дзякуй, служанка-дарога,
За крохкую радасць хвілін!

Па каліўцу ласкі, па промню
Ляціць у акно светлыня.
Забудуся, але запомню
Дыханне шчаслівага дня.

Вясковы, сталічны, трагічны,
Імя сваё, век, назаві!
О, гэты світанак магічны
З акцэнтам шчымлівай любві...



Сярэдняя: 4 (42 галасоў)

Полымем зыркім душу апаліла.
Полымем белым ўзняло з небыцця.
...Ой жа зімой закіпае каліна,
Гронка яе — як надзея жыцця.

Позняя ягадка позняй спакусы.
Вэлюм маёвы растаў па вясне.
Запунсавела-прыпухлыя вусны
Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.

Выберу сёння якую вандроўку,
Каб неўталоннай душы дагадзіць?
Светла аклікну каліну-сяброўку —
Сумам маім на мяне паглядзіць.

Белапушыстыя ўскінуты бровы.
Час замірання. I час адкрыцця.
Доля мая — нібы гронка любові
Б'ецца над сцішанай голькай жыцця.



Пералік аўтараў