Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

У павуцінні вуліц як заўгодна...

Сярэдняя: 4.4 (9 галасоў)

У павуцінні вуліц, як заўгодна
Заблытаешся, дзе бы не пайшоў,
Так колісь разрасталася Гародня,
Пад бэрламі князёў і каралёў.
Калі ісці наўпрост Дамініканскай,
Дык праваруч убачыш добры дом,
Такі дыхтоўны, чысты, быццам панскі,
Відаць, у ім дастатак пьюць з нагбом.

А гасападар - банкір, вядомы ў месце,
У магістраце лаўнік колькі год,
І нават шыльд на доме не павесіў,
Бо без таго туды ідзе народ.
Мяняюць талер, солід і дукаты,
Яфімкі, барацінкі - сотні коп.
Мяняе срэбра- золата багаты,
А медзякі сюды нясе халоп.

Але надоесь у карчме мясцовай,
Той, што на Рынку - добрая карчма!-
Мне давялося весці з ім размову
За куфлем піва, мабыць, да цямна.
Была як споведзь гэтая бяседа,
Неякавата нават мне было,
Бо я не ксёндз, каб спавядаць суседа,
І адпускаць правіны за сталом.

Магчыма, я не зразумеў дакладна,
Чым пакутуе гэты багацей,
Дастатак мае, ды і ў доме ладна,
Сыны і жонка - ўсё як у людзей.
Але іржа, ён кажа, точыць сэрца,
Нібы змяя атрутная грызе ,
І ад яе няма куды падзецца,
Ні сна, ні паратунку анідзе.

Штодня, - казаў, - іду да езуітаў
Ды не таму, што моцны каталік,
Іду маліцца богу Яна Шмідта,
Які зрабіў нябёсы на зямлі.
Ці можна ажывіць сухое дрэва?
Ці, можа, Дух Святы, ці Бог-айцец ,
Ці то ў Нябёсах Прысвятая Дзева
Яму вастрылі зорамі разец?

А як засну, дык мроіцца- казаў ён,
Што гэта я працую ў алтары,
Што гэта я Пятра і Паўла стаўлю,
І Глорыю святую на гары.
Што гэта мне разец дае ў далоні
Святы анёл, каб я рабіў багоў,
Што гэта я ў касцёльнае сутонне
Нясу агмень з небесных берагоў.

А як прачнуся, - ён казаў, - дык з ранку
Ў далонях не разец, а марны грош,
Дукат ці талер, толькі не кіянка.
Талант! Талант! Не далато, не нож!
А як памру, што па сабе пакіну?
Гаршчок дукатаў? Камяніцу ? Пляц?
Фундуш касцёльны? Ці кліентаў сыну?
Ці гэта варта высілкаў і прац?

Ён замаўчаў. Падняўся і пакрочыў.
Са скрухаю я ў след яму глядзеў,
І думаў, што, напэўна, хтось сурочыў,
Ад зайздрасці адпомсціцца схацеў.
А ён штодня выходзіць з камяніцы,
Вітаецца са мною мімаходзь,
А потым - да касцёлу, памаліцца.
Мо, дзякваць,
Што шчасце даў Гасподзь?

Ян Шмідт - рэзчык, аўтар алт ў Гродзенскім кафедрвльным касцёле.

Куль Святлана (ajsa), 6 -7.09.2011



1."Відаць, у ім дастатак

1."Відаць, у ім дастатак пьюць з нагбом"...
Піць можна нагбом. Гэта значыць піць з вялікай пасудзіны, нахіляючы яе.
2."Але надоесь у карчме мясцовай"... Слова "надоесь" у беларускай мове няма,
ёсць -- "надоечы".
3."Неякавата нават мне было"... Правільна "ніякавата"
4. Злучок і працяжнік -- розныя знакі прыпынку.
5."Талант! Талант! Не далато, не нож"... Незразумела ў якім сэнсе выкарыстана слова
"талант". Калі гэта пра здольнасці, трэба -- "талент". Калі пра старажытную
грашовую адзінку, дык гэта каля трыццаці кіло серабра, якія ў гэты кантэкст не
надта ўпісваюцца.

Дзякуй за парады. Выпраўлю

Дзякуй за парады. Выпраўлю "Нагбом" і "Ніякавата", не заўважыла. Астатняе не. Тлумачу. Калі б месціч гаварыў літаратурнай мовай, ён бы сказаў - надоечы, а тут - так, як на Гарадзеншчыне, надоесь. Спецыяльна ўжыла гэтае слова, яно ўпісваецца ў вобраз не вельмі асветленага чалавека. Што ж датычыцца таланту - так, старажытнарымская манета, алюзія да прытчы аб зарытых у зямлю талантах. Гэта ключавы момант верша. Банкір разумее, што яго сітуацыя - сітуацыя багацея з талантамі, як у прытчы. Тут многа накручана, у гэтым вершы, між іншым, зайздроснікаў у ім - чатыры.

"Што ж датычыцца таланту -

"Што ж датычыцца таланту - так, старажытнарымская манета, алюзія да прытчы аб зарытых у зямлю талантах."
Прабачце, але буду занудай да канца.
"Талант" не манета, а -- "...(Греч. первоначальное значение -- весы)-- наиболее крупная античная денежно-весовая еденица вавилонско-финикийского происхождения... Аттический Т. соответствовал весу 26,2 кг, эгинский -- 36,2 кг.
При Александре Македонском -- стал денежно-весовой еденицей македонской монархии -- 25,9кг. серебра. Римский -- был равен 6 тыс. динариев." БСЭ т.41
Зарыць ў зямлю па-беларуску можна толькі "талент".
Што мы, беларусы, часцяком і робім.
Поспехаў!

Талант, усё ж такі, не

Талант, усё ж такі, не талент. Так, напісала пра манету, а пасля ўжо зразумела, што паспяшалася. Пры тым смешна, што я як раз па гэтай праблематыцы працую прафесійна. канешне, гэта вагавая адзінка і адзінка грошавага ліку. А зарываў антычны герой як раз таланты - такая назва адзінкі лічэння. А тое, што ўласціва чалавеку - талент. У пераноснай форме назва адзінкі лічэння трансфармавалася. Банкір у руках мае таланты, а не талент. Бо гэтае золата так золатам і засталося, не стўшы талентам. Пачытайце мае іншыя, можа, яшчэ што знойдзеце для дыскусіі. Цікава. Дзякуй за пажаданне, дарэчы, бо хутка выйдзе кніжка.

памылка - аўтар алтара

памылка - аўтар алтара

Ага...Дзьве... "Ян Шмідт -

Ага...Дзьве... "Ян Шмідт - рэзчык, аўтар (алтАРА) ў Гродзенскім (кафедрАльным) касцёле."
ну,й ничога... гэтаж у "сносцы"