Зацятыя ў карагодах
Бягучай у метро гурбы,
Шмат крамаў у пераходах,
Дзе кветкі пад густ ёсць любы.
Што колераў і адценняў!
І назвы вось так не ўзгадаць!
Яны ж ля шэрых каменняў
Сіротамі ў вочы глядзяць.
І кожная нібы просіць:
- Ратуйце, купіце мяне!
На свежым паветры, сонцы
Хоць колькі хвілінак міне!
Ня ведалі навальніцаў,
Віхур не хіліў да зямлі -
Субстраты ды электрычнасць
Энэргію кветкам далі.
Іх мроі - у хвалістым полі,
У казачных ціхіх садах,
Аб спевах птушак на волі,
Сапраўдных жывых каранях.
А боль ад разбітых мараў
Вяртае думкі з палёту
Да абыякавых твараў,
У несканчаемы шоргат.
Жыццём сваім пераходам
На продаж гуртам і дробна
Спяшаемся ад свабоды -
У цяжар яна, падобна.
Расчынены насцеж дзверы
У цёмныя сутарэнні.
Хавацца далей? Паверыць,
Пачуўшы сваё сумленне,
Упэўніцца, што за межы,
Прыдуманыя знянацку,
Хутчэй перайсці належыць,
У Святле Жывым ратавацца!
Збаўляючы невідушчых,
Іх кліча Святло ў палеткі,
У якіх расцвітаюць душы,
Нібы чароўныя кветкі.