Кранула восень скроні небасхілу
Пунсовай фарбай. Пёры лёгкіх крылаў
Гатовы несці нас за небакрай.
Пакуль гучаць гармонікамі спевы,
На развітанне нам ківаюць дрэвы,
І плыўна лісце адлятае ў рай.
Касматая Мядзведзіца няроўна
Дрыжыць адранкам над астылай поўняй…
Паклікаў вырай у няблізкі шлях!
І мы ляцім. Ніхто не азірнецца…
След кіпцюроў, ледзь бачны, застаецца
На запацелых, скрыўленых ствалах.
Дзе - небудзь ва ўзбярэжных гарадах,
Прысніцца нам у казачным змярканні
Паўночны край, дзе рэха па садах
Спявае гімн вясновага вяртання.