Ніводнай постаці. На вуліцах – нікога.
У бельмах ліхтароў схавана ноч.
Адлюдных ростаняў тужлівая знямога
П’яніць мяне, як вытрыманы скотч.
У вершы выскальзнуць нястрымна маставыя
Пад дождж і снег, у цыгарэтны смог.
Аконных прочыркаў спантанныя крывыя
Складаюцца, як літары ў радок.
Размовы з космасам вядуць у снах антэны.
Спіць горад у неонавай пятлі.
Бясконцасць вечнасці – мой пажыццёвы тэрмін –
Закручвае арнаментам шляхі.
Мы развітаемся, засумаваўшы зноўку,
Даруй мне смех гірляндавых вітрын,
Я вершы кроплямі дажджу пішу ў паштоўку
Пад ранішнюю лаянку машын…