За ваколіцу выйду ў застуджаны вечар,
Дзе здзічэлае лісце пад ветрам пяе.
Дождж нязграбна мяне прыабдыме за плечы
І густога змяркання таропка налье.
З меладычным гучаннем знаёмых рапсодый
У пранізлівых кроплях патонуць агні.
Я пайду нетаропка. Імжыць. Сонца сходзіць,
Пакідаючы цень на пагодлівым дні.
Хмары месяц люляюць утоена, сонна.
Навальніцай паветра ўсё бліжай грыміць…
Нешта зменіцца заўтра, а можа і сёння.
Праз імгненне, ці зараз зара дагарыць…