Вып’ю кавы з туманам і хмарнай імглой,
Са спакуслівым водарам цёплага мора.
Цішыню, нерухомасць, зямны супакой
Прарывае цягнік у замкнёнай прасторы.
Дырыжорам трапеча жыццё за акном.
Не маё і не мне. Манатоннае скерца
Граюць колы на рэйках і ноччу, і днём
На два такты біцця запалёнага сэрца.
Вабіць хуткасць, як гук, як імя, як мяжа.
У вагонах – заснулыя, млявыя целы.
Іх мінулае гоніць праз час і праз жаль,
Абрываючы струнаў нямую здранцвеласць.
Канчатковы прыпынак у цемры. Чаму
Па-сапраўднаму цесна мне ў звыклым разлогу?
На паўстанках зыходзіць у будучыню
Нераскрытая існасць зваротнай дарогі…