Паляцяць пялёсткі майскіх вішняў,
Нібы белы, некрануты снег,
Вецер памяць сумам ускалыша,
Нагадаўшы пра кароткі век.
Вёсачка – пакінутая прыстань…
Хоць даўно жыццё ідзе на лад,
Толькі кожнай ночкаю срабрыстай,
Сню цяністы, беласнежны сад.
Жаўрукі паклічуць з зорных высяў
Нас жыцця старонкі дапісаць –
Прашапоча белых вішняў лісце:
“Яшчэ будзем вёсны сустракаць!”
Вёска – вёсачка, далёкая і блізкая,
Мне прысніся – сэрца супакой
Чыстымі крыніцамі празрыстымі
І квітненнем вішняў над ракой.