У шыбах гудзе завіруха,
А ў сэрцы – чаканы спакой.
І, нават, прыснуў віславухі
Сабака, накормлены мной.
Ні сцежак вакол, ні дарогі
Не бачна ў марознае шкло –
У вольных, бязмежных разлогах
Двары і сляды замяло.
Снягі небасхіл адбялілі
Пад вей малітоўны напеў,
Нібыта анёл пухкакрылы
Над хатай маёй праляцеў…