з нагоды перачытання верша “Амаль хрысціянскі тост за ворагаў”, прысвечанага Адаму Мальдзісу, і верша “Жаўранак — звонкая ніць”
Дарагі Уладзімір Сямёнавіч!
Вы пісалі, што мы —
не з гіен і не з псоў,
Што сапраўднай крыві мы,
з людскімі імёнамі,
З роду мужных і вольных людзей —
крывічоў,
З палымянымі сэрцамі,
а не сцюдзёнымі.
Гожа, дружна заўжды
нашы продкі жылі,
Цяжкай працы ніколі
ў жыцці не цураліся,
І на гэтай святой
і на грэшнай зямлі
Не жадалі быць нейкай
звыроднаю нарасцю.
Што, скажыце мне,
здарылася ў крывічоў?
Чаму так усё зрушылася,
так змянілася?
Па чыёй гэта волі
гіен і псоў
Развялося — хоць гаць гаці —
з нейчай міласці?
Кажуць, звышнебяспечны
атрутны смерч
Праляцеў, праімчаў
з неўтаймоўнай варожасцю
І згрызоты пасеяў,
смугу і смерць,
І пакінуў спажыву
для рознай пошасці.
Вы казалі, што ворагам
не палюбіць,
Не зразумець
нашы душы жывучыя…
Страшней, калі
можа блізкі забіць,
Наліць у пацір табе
яду змяючага.
Свет перайначыўся
цалкам цяпер, —
Няйначай над прорвай глыбокай,
над безданню
Спраўдзіць жадае
злачынны намер.
Аблудны, што робіць —
і сам ён не ведае, —
Хоча забыцца
на гоман палёў,
На перагукванне
бору сасновага,
І разам з граяй
гіен і псоў
Карканне славіць паўсюль
гругановае.
Нікне паволі,
слабее мой зрок,
Давіць на сэрца
цяжар камяніцаю…
Мне б толькі неба
свайго ласкуток,
Толькі б напіцца
вадзіцы з крыніцы мне.
Дужа маркотна,
дальбог, на душы,
Дарагі, незабыўны
Ўладзімір Сямёнавіч!
Я ведаю, як Вам
хацелася жыць, —
Сонца ў далонях, здаецца,
трымалі Вы.
Дзе ж тая песня,
чаму не звініць?
Дзе тыя хмары,
што сталі кентаўрамі?..
Я хацеў працягнуць
ў неба звонкую ніць,
Толькі сэрца
знібела
без Вашага
жаўранка.
2008