Усё мае свой тэрмін...
У кожнага ёсць штамп: "годны да"...
Усё мае свой час:
кожнае дрэўца, якое шуміць лістотай,
кожная травінка, што напіваецца расою,
кожны чалавек, які любіць жыццё....
І я тулюся да дрэва, пакуль яно не струхлела;
я гладжу траву, пакуль яна не стала сенам;
я малюю неба, пакуль яно ёсць у мяне;
я гуляю ў жыце, пакуль яно не стала пожняй;
я абдымаю чалавека, які пасміхаецца мне зараз...
Мне шкада ўсяго жывога.
Я спачуваю Сіле,
што забірае усё жывое,
што не бачыць прыгажосці,
што не можа ведаць, што такое страта...