"Ты ізноў напісаў уначы на рацэ пра сваю адзіноту..."
В.Шнiп
Летні дзень дажывае апошнія пару гадзін,
Хутка сонца спякотнае зойдзе за спіны дубоў.
Прамільгнуў нечакана прамень між драўляных хацiн,
Асвятляючы думкі, жаданні, пачуцці – любоў.
Я люблю гэты момант, заўсёды чакаю яго.
Успаміны юнацтва – вар'яцкіх надзей караблі –
Пераплецены з тым, што аднойчы на сэрца лягло,
З тым, што страчана мной ля змялелай ад часу Віллі.
Успаміны юнацтва ... кахання шалёнага час,
На пясчаным узгорку палатка і вогнішча ў ноч…
Наш апошні званок празвінеў менавіта для нас,
Як сігнал: выбірайся, вясковец, да горада кроч.
Засталася ў мінулым наіўнасць дзіцячых вачэй,
Я далёка не той мілавідны гарэза-юнак.
Сонца з кожным заходам садзіцца хутчэй і хутчэй,
І мінулага шчасця, на жаль, не вярнуць аніяк.
11.06.2015