Аранжавым узроўнем небяспекі
Палохаюць усе тэлеканалы,
А колер мараканскіх апельсінаў
Нам абяцае шчырае каханне.
Пяшчотную духмянасць тонкай скуры
Лязо нажа здымае асцярожна,
Да вуснаў смакавіта ліпнуць вусны,
Зыходзіць мякаць жыватворным сокам.
Чакаецца сварлівае надвор’е,
А сонейка наперакор прагнозам
Над дахам апельсінаваю коткай
Нам чэшырскай усмешкай ухмыльнецца.