Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вадаспад

Сярэдняя: 4.3 (11 галасоў)

У далёкім лесе непраходным
Скала высокая стаяла.
Блукаў там часам звер галодны,
Бывала птушкі заляталі.

Чакала хмурная цярпліва,
Калі наведаецца вецер.
Калі раскажа трапятліва,
Што бачыў новага ў свеце.

Даволі нудна і маркотна
Ляцелі дні, змянялі ночы.
Ды трэба ж падзямельным водам
У скалу пагрукацца аднойчы:

- Я столькі дзён у зямлі блукаю,
На белы свет шукаю выйсця,
Прасторы сонечнай чакаю.
Дазволь, скала, мне з цемры выйсці.

Вада прасілася на волю,
і ўжо немала дзён мінула.
Скала, нажаль, была няўмольнай,
Як быццам і зусім не чула.

Аднак вада ўсё прыбывала
і дзень за днём збірала сілы.
і цэлы свет зачаравала,
Калі аднойчы ход прабіла.

Звінелі срэбныя струмені,
На яркім сонцы зіхацелі.
Усе заміралі ў захапленні
і адрывацца не хацелі.

- Ты шчасця мне дала так многа! –
Нейк раз скала вадзе сказала. –
Прабач, што я цябе так доўга
Наверх да сонца не пускала.

Вада ў адказ: Я даравала
За гэты міг, палёт цудоўны.
Мы паасобку – ўжо немала.
Ды разам – вадаспад чароўны!