Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Жанна Левітан

Сярэдняя: 4.3 (11 галасоў)

У далёкім лесе непраходным
Скала высокая стаяла.
Блукаў там часам звер галодны,
Бывала птушкі заляталі.

Чакала хмурная цярпліва,
Калі наведаецца вецер.
Калі раскажа трапятліва,
Што бачыў новага ў свеце.

Даволі нудна і маркотна
Ляцелі дні, змянялі ночы.
Ды трэба ж падзямельным водам
У скалу пагрукацца аднойчы:

- Я столькі дзён у зямлі блукаю,
На белы свет шукаю выйсця,
Прасторы сонечнай чакаю.
Дазволь, скала, мне з цемры выйсці.

Вада прасілася на волю,
і ўжо немала дзён мінула.
Скала, нажаль, была няўмольнай,
Як быццам і зусім не чула.

Аднак вада ўсё прыбывала
і дзень за днём збірала сілы.
і цэлы свет зачаравала,
Калі аднойчы ход прабіла.

Звінелі срэбныя струмені,
На яркім сонцы зіхацелі.
Усе заміралі ў захапленні
і адрывацца не хацелі.

- Ты шчасця мне дала так многа! –
Нейк раз скала вадзе сказала. –
Прабач, што я цябе так доўга
Наверх да сонца не пускала.

Вада ў адказ: Я даравала
За гэты міг, палёт цудоўны.
Мы паасобку – ўжо немала.
Ды разам – вадаспад чароўны!



Сярэдняя: 4.3 (38 галасоў)

Ты па садзе прайшла мімаходзь
і па ветры ліcце раскідала.
Што стаіш на парозе? Праходзь,
Я даўно цябе, восень, чакала.

У душы ўспамін разбудзі,
Прынясі хараства і спакою,
і халоднай рукой астудзі
Ты гарачую летнюю мрою.

Мы с табой пасядзім за сталом,
Ціхі дождж будзем слухаць увечар.
і рабінавым горкім віном
Адсвяткуем нарэшце сустрэчу.



Яшчэ не ацэнена

Восень зноў… Плача клін жураўліны
Над суровым маўчаннем бароў…
Жоўты клён ушыркі рукі раскінуў,
Каб мяне захіліць ад вятроў.

Сонца ласціць азёрную роўнядзь
I абшар залатых берагоў…
Восень зноў – і ніхто не віноўны
У халодным бязмоўі лугоў.



Сярэдняя: 4.3 (9 галасоў)

Гэты пейзаж называецца «Восеньскі клён».
Фарбаў не пашкадавала мастачка выдатная.
Гэта малюнак “Бярозава-вохравы сон”.
Зачараваны сусвет прыгажунямі статнымі.

Вось нацюрморт «Спелы яблык». У пажоўклай траве
Ён сакавіты, наліты - духмяная сонейка.
Вось павучок ў невядомую казку плыве,
Зацыраваў небасхіл ніткай срэбнаю тоненькай.

Гэта адзелі рабіны свой лепшы ўбор.
Бачыш, як граюць на сонцы каралі шыкоўныя!
Велічна клін жураўліны штрыхуе прастор.
Вабяць у далеч бясконцую хвалі чароўныя.

Воддаль дубова-асінавы ўспыхнуў пажар.
Размаляваны кусты бы кароны дзівосныя.
Шчодра аздобіў лясоў грабяні залатар.
А гэта вось - я і ты.
Мы вандруем па восені…