Дзеці жвірыстых выдмаў —
Валуны і каменне, —
Ледавік вас раскідваў
Падталаю жменяй.
Цар над мацерыкамі,
Тут ён гнёт супакоіў,
Бо зямля ў нас такая
I сонца такое.
Там, дзе ляда і поле, —
Гор краменісты высеў, —
Як нядоля і доля,
Вы з намі зрасліся.
У лясах воі з коп’ямі
Вам таемна маліліся.
Вас клялі і выкопвалі,
Дзе нарогі тупіліся.
Вас кувалдамі сваталі,
Вас цягалі да крушняў,
Вы ў падмурках пад хатамі
Лежыцё непарушна.
Клалі вас у аснову
I да злыдняў прылічвалі, —
Валуны — нашай мовы
Зацвярдзелыя зычныя.
Кунакі вы Эльбрусу,
Хоць з паўночнае пашы, —
Вы душой — беларусы,
Вы з характарам нашым!
Глей, пад жалезабетонную
Глей, пад жалезабетонную палю
або мертвая вада
.
Дзе ж ты знойдзеш столькі зычных,
каб падмурак збудаваць
пасярод балотнай жыжкі,
пасярод дрыгвы, дзе гаць?
.
Толькі дрэвы і галіны,
шпалы з чорнаю смалой
дапамогай да будынкаў
беларускіх слоў з жывой,
.
не памерлай шчэ вадзіцы;
па якой хадзіць ня ўсім.
Хто з адных каменных зычных,
той патоне ў глей жывым.