Памяцi Язэпа Драздовiча
Пад сонцам
I пад Шляхам Млечным
Дарога сцелецца радном.
Няспешна йдзе
Вандроўнiк вечны
Мастак, паэт i астраном.
Старонкi роднай краявiды
Так западаюць у душу, –
Ў яго малюнках сакавiтых
Дуброў з гаямi чуцен шум...
Як знахар той збiрае зёлкi,
Фальклор збiрае ён для нас,
Каб не згасалi ў нас вясёлкi
I адступаўся змрочны час...
Хоць i яму парой трывожна,
Калi звер-вецер аж раве...
Iдзе наш слаўны падарожнiк,
Жыццё складаючы, як верш.
Гудуць здарожаныя ногi
I посах стомлены гудзе...
...Вандроўнiк вечны
Шляхам Млечным
Ў стагоддзi новыя
Iдзе...