Сярод   кветак  сівы,  знямелы,
Нерухомы  застыў  палын.
І  здалося,   што  ў  свеце  цэлым
Ён   застаўся  такі  адзін.
 Ён  адзін  пад  купалам  неба
   Дажывае  свой  шэры  век.
   Міма ж  кветак  прыгожых,  белых
   Не  прайшоў   мінак- чалавек.
Вабіць  вочы  іх  яркі  колер.
Захапляе  прыемны  пах,
Што  лунае  над  кветкавым  полем,
Нібы  той  легкакрылы  птах.
   А  палын? -- Каму  ён  вабны.. .
   Не  прыгожы  з  яго  букет.
   Сярод  поля  стаіць,  нязгрэбны
   І  маўкліва  глядзіць  у  сусвет.
Кветкі  вераць  у  вечнае  лета.
Толькі  ведае  горкі  палын: ---
Перамеле  і  тых  і  гэтых
Няспатольнага  часу  млын.