Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вераб'іны далягляд

Яшчэ не ацэнена

Вярнуўся з выраю вясною Шпак
I, сеўшы на вільчак,
Спяваў пра падарожжа.
Аб тым, дзе быў, як там прыгожа,
Як цёпла, калі ў нас зіма даецца ў знак,
Пра моры, пра вяршыні, пра уцёсы.
I нават Бусел са старой бярозы —
«Так, так!» —
Падтакваў спеваку,
Захоплены той песняй меладычнай, —
Ён сам не мала бачыў на вяку.
А Верабей сядзеў на свірне, убаку,
I паглядаў на спевака скептычна.
Нарэшце ён суседа перабіў:
«У выраі, ты кажаш, быў?
Брахня, суседзе. Моры!
Горы! —
На свеце ж гэтага няма нідзе!
Калі ўжо гутарка такая ў нас ідзе.
Дык я табе ўсю праўду растлумачу:
Я лётаю на загуменне сам, —
Такая далячынь! — але і там
Ні гор, ні мора я не бачу.
А ты пра вырай тут спяваеш нам...
Ну, дзе, скажы, дзе вырай гэты?»

Малы палёт — малыя веды.