Вёсачка, вёска, любы мой кут.
Тут нарадзіўся, рос без пакут.
Клопат бацькоўскі песціў, сцярог.
Век не забыць мне родны парог.
Тут я з прыродай ў еднасці жыў,
Свет незнаёмы ў вёсцы адкрыў.
Коней на пашу ноччу вадзіў –
З вогнішчам побач шмат пачуў дзіў.
Шчыра, на веру, іх успрымаў:
Папараць-кветку ў лесе шукаў,
Знічкам пагаслым нешта крычаў.
Мабыць, ад іх свой лёс атрымаў?
Зачараваны быў зорак красой,
Россып збіраў іх з ранняй расой.
Смагаю здолены, лежачы ніц,
Піў тут вадзіцу з чыстых крыніц.
Сокі зямныя прагна ўбіраў,
Сіл набіраўся ды падрастаў.
Першым каханнем тут “захварэў”,
Ад пацалункаў першых хмялеў.
Першыя вершы з гэтым прыйшлі.
З часам згубіліся дзесьці ўдалі.
Блытаны потым выдаўся лёс,
Але ж да сёння ў сэрцы пранёс
Вёсачкі вобраз, дзе родны дом,
Дзе я калісьці рос хлапчуком.
Вёсачкай гэтай я ганаруся!
Вёскі – карэнні маёй Беларусі.
(Сам я - з Халопкавіч, я - з Белай Русі).