Пакуль бяжыць вада,
Датуль яна жывая.
Крывяніць дол руда,
Як рана нажавая.
Хоць двойчы не ўвайсці
Ў раку адну і тую,
Ды хваляю ў трысці
Яна блакіт нітуе.
Вада ад першых дзён –
Свянцовая, святая.
Бяду і добры плён
Вір забыцця глытае.
І, як на далані,
Я варажыў на плыні:
Ці высветляцца дні
У восеньскім пахлыне?
Між віраточных траў,
Як маладзік з-за воблак,
З прадоння пазіраў
Двайнік мой –
Смутны воблік.
Будзь светлым, твар вады,
Будзь лёгкай хваля тая,
Што мрояў невады
На бераг дум вяртае.
Будзь вечнаю, вада,
Што ў снезе раставала,
З ласінага сляда
Ад смагі ратавала.
Няхай не ў меліне
Цячэ ў яры нямыя
І тая, што мяне
Ў апошні шлях ябмые.
Вада, ў вякі плыві,
Няспыннасцю працята.
Ты вучышся ў крыві
Ці наша кроў –
Працяг твой?
Гэты верш не Багдановiча!
Гэты верш не Багдановiча!
Прабачце, але у вас
Прабачце, але у вас няправiльна вызначын аутар твора. Гэты верш напiсау Рыгор Барадулін