Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Вашыя сябры тут!

Апошнiя водгукi

Участник конкурса «Интернет-премия» ТИБО-2010

Раiм наведаць

Вы это видели? еще. Однако, да?
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Наш банэр

vershy.ru - Вершы беларускiх паэтаў

Код банэра

Лічыльнікі

Максім Багдановіч

bagnanovich.jpg

Нарадзіўся 9 снежня (27 лістапада ст. ст.) 1891 года ў Мінску, у сям’і настаўніка. У чэрвені 1892 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. У 1902 годзе Максім паступіў вучыцца ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. У 10-11 гадоў пачаў пісаць вершы па-беларуску. 6 чэрвеня 1907 года ў газеце «Наша Ніва» публікуюць першае апавяданне М.Багдановіча «Музыка». У 1909 годзе ў гэтай газеце публікуюць першыя вершы паэта. У 1911 г. пасля заканчэння гімназіі Максім Багдановіч прыехаў на Беларусь. У гэтым годзе паступіў вучыцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. У 1912 г. у газеце «Наша Ніва» публікуецца цыкл яго вершаў аб гісторыі Беларусі.

У 1913 г. у друкарні Марціна Кухты выдаецца зборнік вершаў М. Багдановіча «Вянок» – адзіная яго прыжыццёвая кніга паэтычных твораў. У 1914-1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю, напісаннем артыкулаў, перакладамі. Выданы брашуры М. Багдановіча: «Братья - чехи», «Угорская Русь», «Червонная Русь». Аўтар паэм «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык» (1914), «Максім і Магдалена» (1915), «Страцім-лебедзь» (1916).

У кастрычніку 1916 г., пасля заканчэння юрыдычнага ліцэя, вярнуўся на Беларусь, у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.

У лютым 1917 г. М. Багдановіч паехаў на лячэнне ад сухотаў у Крым, у Ялту. 25 мая (12 мая ст. ст.) паэта не стала.



Сярэдняя: 4.7 (20 галасоў)

Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс “Вераніка”,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.



Сярэдняя: 4.8 (12 галасоў)

Віншую ад душы, панове,
З трохлеццем вашае дзіця -
Газету ў беларускай мове.
Віншую ад душы, панове,
Яе, і ў простым, шчырым слове
Жадаю доўгага жыцця.
Віншую ад душы, панове,
З трохлеццем вашае дзіця.



Сярэдняя: 4.9 (14 галасоў)

Я на душы ўразьлiвай маю
Жыцьця мiнулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць, -
I ўраз пра прошлае згадаю;
Удаль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзiцячыя гады.

Устае перад маiм паглядам
I вулка, веючая сном,
I цiхi старасьвецкi дом
Зь цянiстым, адзiчэлым садам;
Над iм шпакоўнiца ў гары,
А ўкруг схiлiўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
Зь дзяцьмi iх лез на дахi сьмела,
Рваў яблыкi, рабiў садом
I крыкам поўнiў цэлы дом.

Вясёла йшлi гулянкi нашы:
Пад шум i гук размах рукi
Зьбiваў здалёку гарадкi,
Быў чутны сьмех пры вiдзе "кашы",
I кожны стрымываў свой плач,
Калi ўразаўся ў плечы мяч.

А вечарком мы выпускалi
У паветра белых галубоў.
Зрабiўшы некалькi кругоў,
У вышыню яны шыбалi,
Як чысты сьнег, кружылi там
I падалi на дахi к нам.

Калi ж сачыўся бледнаваты
Зор сiнiх сьвет празь небасхiл,
I уплатаўся вулак пыл, -
Мы ўсе пяялi каля хаты,
I напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сьцiхшы двор.

Так ў гулянках пралятала
маё дзiцячаэ жыцьцё,
А поруч цiхаэ дзiцё,
Дачка Забелаў, узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Усягды была сама, адна.

Жылося цяжка Веранiцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць,
I не было саўсiм сястрыцы,
А бацька сэрца хоць i меў,
Ды прытулiць яе ня ўмеў.

Таму з маленства палюбiла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяла дыханьне сна
I цiшыня ў паветры плыла,
I нерухомы быў спакой,
Маўляў у глыбiнi марской.

Не калыхнуцца лiсьцяў хвалi,
Успласнуўшы пенаю цвятоў
Паверх чарэшнявых кустоў;
Кiпiць шум места дзесь там далi,
А тут i глуха i цямно, -
Не зварухне марское дно.

I забывала Веранiка
Мiж зёлак з кнiжкай аба ўсём,
А ўзгляне, - сад кiпiць жыцьцём:
Над ёю куст шыпшыны дзiкай,
Бруяе блiзка сонны шмель,
I горка пахне тонкi хмель.

Iзноў странiца за странiцай
Раскрытай кнiгi шалясьцiць;
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкi Веранiкi, -
Усё расьце душа яе
I ў паўнаце красы ўстае.

Калi ж асеннiя навiны
Зьмянялi сад, калi зь бяроз
Рваў лiсьце вецер, а мароз,
Налiўшы ягады рабiны,
Траву губiў, i мы нагой
Узрывалi прэлых лiсьцяў слой,

Калi патроху чырванелi
Чаромха, лiпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Мiж голага галля чарнелi,
I грозны вечара пажар
Пылаў мiж бура-шызых хмар;

Калi асеннi вецер дзiка
Стагнаў i глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах. -
Тады да лета Веранiка
Ад нас зьнiкала ў iнстытут
I не будзiла згадак тут.

А час усё кацiўся далi,
Хаваючы на дьне гадоў
I гарадкi i галубоў;
Мы непрыкметна падрасталi,
А iншы ўжо шчыпаў вусы
I лiчыў iх гарой красы.

I толькi ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цьвяток лясны,
Узрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
I - помню я - тады за ўперш
З маей душы палiўся верш.

Ён там кiпеў струёй жывою,
Праз холад мысьлi працякаў
I ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.

Я з вам скажу йшчэ тое толькi,
Што к Веранiцы твор паслаў
I млеў i ўсё адказ чакаў.
Аж вось прайшло маруды колькi
Трывожных дзён, а ўсё няма
Нi Веранiкi, нi пiсьма.

Калi ж я неяк зь ёй спаткаўся,
Загаварыўшы, як у сьне, -
Яна зiрнула на мяне,
I раптам з вуст яе сарваўся
Такi бязьвiнны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца - грэх.

Сьмех гэткi маюць толькi дзецi
Ды людзi зь яснаю душой;
I ён, як жаваранак той,
Зьвiнеў i ўжо каханьня сецi
Нячутна нiшчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў i пагас.

Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумныя iмгла,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадлiва зiрнулi вочы
I даляцеў к маiм вушам
Ласкавы шэпт: "Мо больна вам?"

Не, зорка, мне было ня больна,
Бо бачыла адно душа,
Як ты сьвяжа i хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна,
Уся пад срэбнаю расой
Са йстужкай скромнай мiж касой.

I мела дзеўча выгляд мацi,
Калi тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Сьхiлiлася, як да дзiцяцi,
Зiяючы перада мной
У новай пекнасьцi жывой.

У тэй, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлiвала мацеры чарты.
О, як прыгожы-дзiўны ты,
Двайной красы аблiк адзiны!
Ажыў у iм твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!

I прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланюся я душой маёй,
Натхненнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалiлася цяпло.

Дасюль яшчэ яно пылае;
Здаецца - ўмёрла, але ўраз
Праб'ецца зноў, i пройшлы час
Прад iм у згадках праступае,
Як пры агнi цi цеплаце
Таемны подпiс у лiсьце.

I конь крылаты да Парнаса
Мой дух iмчыць тады, каб я
Былое апяваў пасьля.
Ды як знайсьцi сьляды Пягаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жа трохi, верны верш!



Пералік аўтараў