А вы плылі на пласкадонцы,
Калі сярдзіты бор гудзе
I раскалыханыя сонцы —
I на нябёсах і ў вадзе?
Напорам плыні вёслы гнуцца,
Здранцвеласць правага пляча.
I што як даць перавярнуцца —
Прарочыць лісцяў саранча.
I мудра разважаюць рыбы,
Што ў гэты час надзейней дно.
Цябе ж вядуць наперад шыбы,
Куды не стукаў ты даўно.
Шалеюць хвалі непрытомна,
I ў іх загадкавай разьбе
Ты бачыш сонца — хоць і цёмна!
Яго ты носіш пры сабе!
Палёў размах, смуга дубровы.
I ў ясных зрэнках юнака
Бацькоўскі свет стокаляровы,
Нібы крыло сіваграка.