Асвечанай вярбы пукатыя галіны,
Дакладны знак на адыход зімы.
Час роспачы мінуў! Адпушчаны правіны!
Анёльскі хор пяе ўрачыстыя псалмы.
Час роспачы мінуў! Саўдзельнікі ахвяры,
Святкуем радасць шчыра, без нуды.
Такі шчаслівы дзень! Хрыстос васкрос! Пачвары,
Што мучылі Яго, зашыліся ў куты.
Але й адтуль крычаць, зацята альбо лена:
«Дабі Яго! Ўкрыжуй! Зняваж! Прадай!»
Я сню, што я прыйшла
Марыяй-Магдаленай
і не знайшла Цябе ў труне,
Распяты Край.