Я чытала на мове Коласа,
Размаўляла на мове дзеда,
А спявала нябёсаў голасам,
Які ліўся з крыніц сусвету.
З плачу рос і напеваў дожджыку,
З шапацення гаёў і траваў,
З галасоў ліс, ваўкоў і вожыкаў
І шумлівых лясоў, дубраваў.
З пераліваў крыніц і гоману
Птушак роднага майго краю,
З плёсаў Нарачы, хваляў Нёману,
З даўніны, што на гуслях грае.
З калаўротаў Нямігі, Свіслачы,
З бразгу коп’яў, падковаў, латаў,
З ціхіх рэчак Зяльвянкі, Іслачы,
З беларускіх народных святаў.
Са званоў над Сафіяй светлаю,
Што гучаць і між зор лунаюць.
Крыж з надзеяю запаветнаю
Над Радзімай маёй трымаюць.
Я чытала, спявала, марыла,
Каб шчасліва жылося людзям,
Каб вайна небасхіл не хмарыла.
І дай Божа! Няхай так будзе!
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116090705374