Я паеду вучыцца ў Сарбону,
Хутка прыйдзе адказ з амбасады,
Тут ніякіх няма забабонаў,
Я зматацца адсюль вельмі рады.
Я паеду вучыцца ў Сарбону,
Веды лепшыя там атрымаю,
Адчыню прадчуванняў заслону,
Пах падручнікаў новых спазнаю.
Я паеду вучыцца ў Сарбону,
Прачытаю ўсе працы вучоных.
Як аддзякаваць дзядзьке Салону
За залік па законах ягоных?
“Прачынайся, спазнішся на вышку”, –
Голас сябра нарэшце пачую;
Не даюць мне памарыць хоць крышку –
Лагарыфмы вучыць шпацырую.