Іры і Жэню
Я пакінула час у сяброў
На стале паміж кніг і сурвэтак,
Дом быў поўны кахання і кветак,
Не схацелася часу дамоў
У мае мітуслівыя дні
І такія ж бяссонныя ночы,
Ён сказаў, што ад'ехаць не хоча,
А пабудзе крыху ў цішыні.
Тут яго не адсунуць у кут,
Не пагоняць, не кінуць без ладу,
Тут дадуць цеплыню і спагаду
Для загнаных гадзін і мінут.
Белай стужкай цяпер у мяне
На руцэ пралягло бесчасоўе.
Час спыніўся, забраны любоўю.
Не шкадую. Няхай адпачне.
26.05.12.