Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Я прачытала, што ў адной краіне...

Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Я прачытала, што ў адной краіне,
Утульнай і дагледжанай надзіва,
Амаль што кожны горад — нейкі помнік
I кожнае сяло славута замкам.
I ўся яна для свету дарагая,
Уся яна — нібы музей выдатны,
Дзе самыя шумлівыя турысты
Перад красой спрадвечнаю цішэюць...

А як жа ты, мая зямля-радзіма,
А дзе твае стовежавыя замкі?
Ці ж іх мае прапрадзеды сівыя,
Умельцы-мудрацы, не будавалі?

Ці ж не ўставалі над лясістай багнай
Сырыя, але грозныя палацы?
Хіба не ззялі пад вясновым сонцам
Прысадзістыя цэрквы залатыя?

Было палацаў ранніх і пазнейшых,
Было што паказаць гасцям паважным.
Ды ледзь не ўсё, што ты ні будавала,
Пасля з'ядаў агонь нелітасцівы...

Каменне сцен крышылі ўшчэнт снарады,
Вятрэлі вітражы, і фрэскі зяблі,
А хцівыя рабаўнікі з-за свету
Разьбу жывую рэзалі нажамі...

Мая зямля, ты болей дарагая,
Чым тая, што не траціла нічога.
Твой кожны гмах на попеле замешан,
Твой кожны колас выпаен крывёю...