Чапляюся за кожны ўласны дзень,
 За міг, падараваны мне, дурніцы,
 Са смагаю, нібыта авадзень,
 Які не можа кроўю наталіцца.
 Шукаю ў кожнай справе божы знак
 І сэнс ва ўсім, што зведала-стрывала, –
 І бачу, што усё ідзе не так,
 І вопыт мой накоплены – няўдалы.
 Няўжо жыву дарэмна? Што рабіць?
 Набытае – расплата за правіны.
 Хоць знаю – абы-як прадзецца ніць,
 Ды нельга супыніць ні на хвіліну.
 З ашмоцця абы-што старанна тку –
 І сорамна, і горка, і балюча.
 Сама сябе хапаю за руку –
 Ды гэтым толькі больш істоту мучу.
28.12.12