Я веру: ці асілак, ці прарок
развее цемру і ўчынкамі, і словам –
і Край усмешкамі мой зазіхціць нанова,
і зноўку радасць прыйдзе на парог.
Той нехта скажа: “Як мы тут жывём!?
Верым мане, верым хлуслівым казкам.
Хіба ж стагоддзямі не зналі панскай ласкі
(той, што па голай спіне бізуном),
Нахабнасці крамлёўскага найміта,
нішчымніцай накрытага стала
(ды й за яе Ўсявышняму хвала)?
Хіба забыліся на тысячы забітых,
Асуджаных й памерлых у ГУЛАГу?
Ізноўку прывячаем цівуноў,
ім прадаем Радзіму зноў і зноў,
і сунем галаву сваю на плаху.
Прывыклі жыць у галечы і турме,
мы болей нават не глядзім за краты.
Роднымі сталі колішнія каты,
на брудэршафт п’ем з імі ў карчме.
Глядзіце, у нас мова нават ёсць –
Так мілагучна, лёгка, звонка льецца!
Слова яе то плача, то смяецца.
Сябрам – павага, ворагам – ў ёй злосць.
Мы – не насельніцтва, мы – усё ж такі Народ!
Мы ўжо дарослыя, нам “бацька” не патрэбен,
яшчэ й такі, што ўсё грабе з нас грэбнем,
каменні кідае ў сціплы наш гарод.
Нам чынавенства – слугі, не мы – ім.
Мы не для іх выплочваем падаткі,
але катэджы ў іх, а ў нас – хаткі...
Чаму ж тады зацята так маўчым?!
Чаму ў краіне шмат сілавікоў,
МУС, КДБ ды іншых камітэтаў?
Чаму так многа гэтых дармаедаў,
пенсіянераў у 45 гадоў?!
Свабоды парасткі пасекчы ў зачатку –
вось іхняя найпершая задача.
Але мажлівасць ёсць нам жыць іначай,
звацца Людзьмі і ўсё пачаць спачатку.
Старонку новую запоўняць словы: згода,
правы асобы, эфектыўнасць і адказнасць.
І халуям дамо мы знак выразны –
УСІМ ЗЛЕЗЦІ З КАРКА БЕДНАГА НАРОДА!”
Але пакуль разведзены масты,
і час бяжыць няспынна і імкліва.
Асілкі і прарокі спяць маўкліва...
Абудзімся ж! Чаму не я і ты?!