Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Я вырас пад гарматнымі стваламі

Сярэдняя: 4.6 (7 галасоў)
Я вырас пад гарматнымі стваламі,
Я мераў час секундай, а не днём.
Я вызначаў свой рост не пад сталамі —
Пад расчахлёнай пашчай, пад агнём.

У сорак першым, на загоне мёртвым,
Гарматы білі ворага ва ўпор,
I я падрос, калі ў сорак чацвёртым
Яны агонь пераняслі за бор.

Туды, туды, дзе цень адстаў ад ката, —
Ён гэтак бег назад, што і пасля
He мог апомніцца.
                                 Як ствол пасля адката,
Наперад падавалася зямля.

I з ёй імгненна праплылі пад небам
Машыны, танкі, вастрыі штыкоў
I пекары, што першым чыстым хлебам
Пачаставалі бедных хлапчукоў.

I цішыня, як сцятае рыданне,
Вярнулася да вёсак палявых,
Прынёсшы неадступнае гаданне:
Ці ўсім з дарог вярнуцца палявых?

Мы не маглі даверыць ночы сіняй,
Уздрыгвалі, як хруснуць дзе дубцы,
I з юнкерсаў падбітых алюміній
Ламалі для дзяўчат на грабянцы.

Мы прызнаваліся сваім любімым
I службу ўжо дарослую няслі.
Стаў новым свет, а губы пахлі дымам,
Бо мы з снарадных конавак пілі.
.............................................
Нясцерпнай смагай сэрца замучона.
Былое ўспамінаецца часцей.
Калі гляджу на радасных дзяцей, —
Я не вярну з мінулага нічога.