Я гляджу на мiлую маю
I чульлiва край мой пазнаю;
У цябе бялявая каса,
А я ў думках кузаль расчасаў.
Мне здаецца, у вачах тваiх -
Сiнi цьвет валошчак палявых.
Ты ўзбудзiла песьняй мой пакой.
Дзе ж мая цьвярозасьць i спакой?
Я хмялею ўцешна бязь вiна,
Цi ня ў гэтым ёсьць твая вiна?
Я укленчыў... Я з табой пяю.
Бацькаўшчыну ў мiлай пазнаю.
Там, дзе Свіцязь, дзе кужаль
Там, дзе Свіцязь, дзе кужаль туману бляды,
Дзе дубоў шэраг стаў ганаровы
Дыяментамі перляць з рук кроплі вады,
Медам-слодычам роднае мовы.
Чараты, асака калыханку пяюць
На чвыр жоўты гайдаючы хвалі
Калі сцішыш каня і прыпыніш твой пуць
Сказ пачуеш, што ўсе калісь зналі.
Бо на месцы, дзе сёння люстэрка вады
Неба чысты блакіт адбівае,
Свіцязь-горад прывольна аточваў груды
Жыў заможна ў волным тым краю.
Мур яго ахінаў з чатырох аж старон
Па вуглах сталі волаты-вежы
Раніцой наваколле будзіў цэркваў звон,
Што сягаў і за горада межы.
Залатыя крыжы адбівалі святло
Сонца-месяца ранкам і ў ночы,
Прыгажэй тых садоў, дзе ўсё дзіўна цвіло,
На зямлі 'шчэ ня бачылі вочы
Ды півонь прыгажэй, што расквецілі сад,
I званчэй салаўіных напеваў
Былі золатам тканыя строі дзяўчат,
Галасы ад багінь каралеваў.
Бо ніколі й нідзе, хоць аб'едзь белы свет
Ня было прыгажэй Свіцязянак
Вочы-зоры дарылі ўсім душам прывет
Твар прывабны, бы сонечны ранак.
А як выйдуць у свята яны на лужок
Легканогія з постаццю гнуткай
То лятуць і багі вод, лясоў у кружок
Адпачыць з імі хоць бы мінуткай.
Аб іх слава прайшла ва ўсе свету канцы,
Каралёў ды цароў чаравала
І ляцелі ў Свіцязь паслы ды ганцы
Заручыць, ці каб жонкаю стала.
Бо няма кацяняці ласкавей за іх
А ў любошчах няма іх жарсцлівей
Верны любаму аж па апошні ўздых
З імі быць, то й багоў быць шчаслівей!