Я зноў прыйшла да той вясны,
Дзе так даўно рунелі ўсходы,
Дзе вільгаць свежай баразны
Прымала ў жмені жыта роды,
Дзе беразняк аплакваў век
Лязом падкошанай бярозкі,
Дзе з кожнай хаткі чалавек
Журчэў крынічкай рэчкі-вёскі.
Я зноў прыйшла, куды здаўна
Мяне вяла сцяжынка лёсу,
Да скірдаў тых, што ля гумна
Складалі з сушаных пакосаў,
Да тых квяцістых рушнікоў,
Што маці дзеўкай вышывала,
Да песні звонкіх жаўрукоў
З якой зямля мая спявала.
Да тых бабуліных кустоў,
Дзе бэз з барвінкам плёў вяночкі,
Дзе мне цяпер не трэба слоў,
Каб зразумець аповед ночкі.
Туды прыйшла, дзе напамін
З вясною зноў народзіць свята,
Дзе кожны - брат, сястра тут, сын -
З адной, мой кут, сям’і зярнятак.