Якія зараз дзеці вырастаюць!
Народжаныя ў шчасці, дабрыні,
яны растуць як на дражджах, зірні,
падлеткамі аблокаў дасягаюць,
Ідзе пры маме гэтакі атлет —
спартыўная пастава і адзенне...
Насустрач — дзеўчаня на заглядзенне,
і ножкі — хоць сягоння у балет!
О ножкі, ножкі, дзе яны, балеты
для тых, што плюшчыў бежанскі хатуль!
Сама адтуль,
дзе плакалі ад куль
і елі лебядовыя «катлеты»...
Шкадую ўсіх, хто з год маіх нішчымных,
і шчасная за ўсіх, хто ўстаў пасля.
Сваімі дзецьмі цешыцца зямля
і славіць дабрабыт у росных гімнах...