…праўду, праўду кажу табе:
калі хто не народзіцца звыш,
не можа ўбачыць Царства Нябеснага.
Евангелле паводле Іаана, 3:3
Яшчэ плыву, як малады,
і, хоць пасля ўжо з ног валюся,
струмені сонечнай вады
вяслую, не скароны скрусе.
Углыб цябе, углыб гадоў,
гляджу, жыццём зачараваны,
мая апошняя любоў,
мая вада, мая нірвана.
Яшчэ рамантыкі імпэт
дзівачыць і гарэць натхняе,
яшчэ жыве ўва мне паэт.
… Ды гэта больш не наталяе.
Сам ад сябе плыву, бягу,
бо духу выспеламу цесна…
І звыш радзіцца не магу,
і ў грамадзе не маю месца…