А няўжо было ўсё гэта з намі?
Даўнімі цяпер здаюцца снамі
лапці, хлеб з мякінай — гэта факт,
камсамол, калгасны ток, рабфак,
пяцігодак домны — ставім самі...
Мірнай працы мары не збыліся,
дзе і колькі нас палегла тысяч?
Снег, зямля ў крыві, трава ў крыві;
ад бамбёжак да атак — жыві,
сябруку акопнаму ўсміхніся!
Перамогі дым задужа горкі;
дым зямлянак і руін узгоркі,
горад паўставаў на мазалях,
прарастала коласам зямля,
творчай думкі ўзлёт — касмічнай зоркай.
Гэта ўсё было, бясспрэчна, з намі, —
аж на сэрцах сведчыцца рубцамі
і падзякі словам іншы раз;
так было... Мо будуць помніць нас
маладая песня, зерне й камень.