З новым днём, з новым ранкам! З бессэнсоўным змаганьнем
За вядомую праўду ў невядомых краях.
Новы пошук усьмешкі, той прыгожай і сьветлай,
Што ў кантрасьце са сьветам новы выкліча жах.
Паўзнаёмая восень беззваротна, упарта
Вочы ў шэры фарбуе пад дажджом праліўным.
Мары ў выраі нечым колькі год як у ссылцы,
Без напрамку ідзеш ты па шляху сваім.
Ад пяшчоты да злосьці на адлегласьці думкі,
Між каханьнем і крыўдай у бясконцай вайне,
Ад паразы к паразе, моцна сьціснуўшы пальцы,
З нерухомасьцю твару й вагнём у сабе.
Паглядзеўшы, што заўтра, сонца боязна моўчкі
За аблокамі недзе рвецца ўсё на ўсход
І заплюшчыўшы вочы, з шкадаваньнем і болем,
З новай кволай надзеяй новы робіш ты крок.