Забыла я тваё імя,
Не ведаю, калі згубіла,
Імя якое засланіла
Тваё імя, тваё імя…
А помню, як у цішыні
Яго так ціха прамаўляла,
А на ўвесь свет яно гучала,
Аб шчасці нашым абвяшчала,
І нас на крылах уздымала
Тваё імя, тваё імя…
Забыла я тваё імя…
То колькі ж крыўд і горкіх слёз
Яго схавалі, як магіла,
Што я вярнуць не маю сілы
Тваё імя, тваё імя.
Можа, успомніцца калі,
Імя твайго адно гучанне —
Не вернецца зачараванне
І тое дзіўнае дыханне,
Не вернецца…
ніколі больш не вернецца
Тваё імя, тваё імя.