Ужо сцямнела, як дадому
Яніна бегла з усіх ног…
Пытанняў педсавет, вядома,
Зноў вырашыць усіх не змог.
Дырэктар мог і сам, вядома,
За паўгадзіны ўсё рашыць,
Але настаўнікі з дыпломам –
Іх трэба трохі варушыць.
Бо самі ініцыятывы
Ніяк не хочуць праяўляць.
Раён жа шле ўсё дырэктывы:
Ўсім працаваць, а не гуляць!
Але настаўнік лепш за вучняў
Прыстасаваўся да ўсяго…
Даклад пра бульбу хтось агучыў,
Пра моркву, шчэ таго-сяго.
Калі ж чарга да навучання,
Нарэшце, ўсё-такі дайшла,
Пра мудрасць думка і пра ранне
Камусці ў галаву прыйшла.
А дома ў кожнага скаціна
І дзеці – трэба ж накарміць…
Дадому подбегам Яніна
Шыбуе, толькі снег рыпіць.
Муж за сталом чакае з лыжкай:
Вячэру трэба гатаваць!
Успомніла, што меньшы з кніжкай –
Яму шчэ трэба памагаць.
Затым карову падаіла
І працадзіла малако.
Пасля курэй, свіней карміла,
Сабе засмажыла яйко.
За пяць хвілін перакусіла,
Хацела сшыткі правяраць –
Карову, ўспомніла, даіла,
Але ж і піць ёй трэба даць.
Калі закончыла ўжо сшыткі,
За поўнач дзесьці, правяраць
Прыпомніла, што дзецям ніткі
Паабяцала – трэба браць.
На заўтра планы… Шэсць урокаў.
І ўсе іх трэба напісаць,
Каб ад дырэктара папрокаў
Не мець… Ды ўсё-ткі легла спаць.
Гадзіны тры, мабыць, паспала.
Устала з боллю ў галаве
І планы хуценька пісала –
Скаціна ўжо раўла ў хляве.
З вядром упала… Трэба лужу
У калідоры хоць прыбраць…
Насілу ўспомніла, што мужу
Паесці трэба штось сабраць.
Зварыла дзецям есці. Потым
Курэй карміла і свіней.
Успомніла: - Мне ж на работу,
Бо на дварэ усё відней!
Адзела хутка шапку, боты,
Затым - на плечы паліто.
Па вуліцы імчала – што ты
І не дагнала бы аўто!
І паліто ледзь распранула –
Сяброўка выдала папрок:
-Такога я яшчэ не чула :
Ў начной кашулі – на урок!
Дзмітрый Краскоўскі (п.г.т.Івянец)