Закружыла восень залатая
сонечнай лістоты карагод.
Цёплы поўдзень журавоў склікае:
- Гэй, хутчэй, крылатыя, ў палёт!
Вецер з поля холадам шугае,
раніцамі ўжо – тумана бель
поплаў беражліва ахінае,
спіць у астрах адзінокі чмель.
Хмараў чарада над небакраем,
ціха бор задуманы стаіць.
Срэбнай хваляй Лань – рака лясная –
тчэ узора восеньскую ніць.