Табе — пракляцце, і табе — хвала,
Табе — вар’яцтва і цвярозы розум,
А ты ўсё тая ж — як вякоў імгла,
Як летуценнай будучыні роздым.
Жыццё і смерць — і паміж імі ты:
Імгненне шчасця і сусветны холад.
Яшчэ ніхто — ні грэшнік, ні святы
Не разарваў твайго сакрэту кола.
Шпурнеш у пекла ці адкрыеш рай —
Тваё каханне таямніцай будзе,
Як той, нікім не разгаданы, край,
Куды навечна адыходзяць людзі.