Жнівень сыходзіць...
На ціхіх ракітах
Парасцярушана мяккая вохра.
У ізумрудных густых аксамітах
Ірдзее атава азябла і мокра.
І ледзьве чутна на ветрыку ціхім
Дзягіль схіляецца да маргарыткі...
Як невыказаны смутак бусліхі –
Лугу пажухлага стынуць набыткі.
Толькі аер, сонцацвет, лёгкі мятлік,
Моцным карэннем счапіўшыся ў згодзе,
Быццам руплівы, натомлены ратнік,
Скарыцца не хочуць прыродзе.
Чырванню, сонцам, брыльянтамі ў росах
Луг акрапілі яны ў цішыні...
Багаславенны ж вы будзьце ў нябёсах,
Красак апошніх жывыя агні.
Багаславенныя ж будзьце, і годы,
На пераходзе у бабіна лета –
Як найярчэйшыя краскі прыроды,
Як завяршальны радок у санета.