Жураўлі ў небе мітусяцца,
Зграя з крыкам ў вырай адлятае.
Мне таксама каб туды падацца,
Дзе дзяцінства знічкай прападае.
Выведзе сцяжынка праз балота,
Ў лес,туды, дзе сонца ў лісцях ззяе.
Сэрца ўраз адолела самота,
І гады пражытыя ўсплываюць.
Вось бярозкі на лясной палянцы
Тонкім веццем на вятры гайдаюць,
Нібы закружыліся ў танцы,
Нібы між сабою размаўляюць.
Пэўна ёсць у іх свае сакрэты,
Кожная ў галінках іх хавае.
Вераснёўскім сонцам лес сагрэты,
А ў лесе – лепей не бывае.
Тут усё жыццё як на далоні…
Праплылі гады перад вачыма
Болем аддаючыся ў скроні,
А вярнуць нічога не магчыма.
А на сэрцы ўсё рубцы ды раны,
Невядома, далей што чакае.
Скора ўжо халодныя туманы,
Вось самота грудзі і сціскае.
Птушкі ў небе з крыкам мітусяцца,
Жураўлі ў вырай адлятаюць.
Ад зімы нікуды не схавацца,
І снягі ўжо скроні замятаюць.