Не стала маці, да якое нёс
Душу збалелую – паспавядацца.
Не стала бацькі, што прымаў да сьлёз
Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства.
Не стала брата, што дарадцам быў,
Калі ўзьнікала клопатнае штосьці.
Не стала і сястры, зь якой любіў
Успомніць песьні нашай маладосьці.
Не стала ўжо і бальшыні сяброў, –
Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз
Адчуць, што хіжы век нас не разьвёў
I што нам шлях не засланіла шэрасьць.
Не стала ўжо, прашу мне дараваць,
I закаханага ў жыцьцё паэта,
Што так любіў над вершам шчыраваць,
Як Усявышні над стварэньнем сьвета!
Таго паэта ўжо няма. Няма!
А сноўдае сярод руін былога
Яго двайнік. Не сільцеся дарма
Пазнаць у ім свайго братка старога.