Душою збалелаю
ціха гарнуся
да птушак,
да кветак,
да дрэў,
да травы…
І не таюся –
пры ўсіх ганаруся,
што з доляй адзінай маёй Беларусі
лучу сваю долю,
пакуль я жывы.
Тут войны не раз засявалі раллю.
Чужых і сваіх
смерць няшчадна касіла.
Спяць воі пад вартай бярэзін пахілых.
А кветкі ўпрыгожваюць нашу зямлю
нанова.
Не толькі на брацкіх магілах.
Нас мовы сваёй пазбаўлялі.
Ды ўсё ж,
хоць многае ўжо незваротна забыта,
яна з пракавечнага ўжытку не зжыта.
І ў полі штогод
каласуе не “рож”,
а наша
сваё
жыццядайнае –
жыта.
Галеюць утручаных рэк берагі.
Даўно пазнікалі старыя стагі.
Ад сцюжы няўмольнай,
ад цяжкай тугі
згасаюць пра лета няпэўныя згадкі.
Але ж –
утравеюць нарэшце лугі
і паша ўратуе галодныя статкі.
Чарнобыль дыхнуў прыхаванай вайной.
Нашкодзіў не менш
за гарматы ды танкі.
Пралескі
не пахнуць ігліцай лясной.
Узлескі
не вабяць парою грыбной.
А ўсё-ткі
і спозненай гэтай вясной
буслы –
на жыццё! –
рамантуюць буслянкі.
У жыце,
ў буслянцы,
у кветцы,
ў траве –
жыве Беларусь.
Ж ы в е !
Як хораша. Дзякуй.
Як хораша. Дзякуй.
Шчыра дзякую за любоў!
Шчыра дзякую за любоў!